Серада добрых спраў. Вольга Севярынец

Павел Севярынец стаў адным з першых палітвязняў 2020-га. Прадстаўнік незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" быў арыштаваны яшчэ 7 чэрвеня. Час знаходжання пад вартай увесь час падаўжаўся, а ў жніўні, ужо пасля выбараў, супраць Паўла была заведзена крымінальная справа. Сёння мы размаўляем з Вольгай Севярынец  жонкай Паўла, якая разам з сынам Францішкам чакае мужа і тату дома. 

Калі вы хочаце дапамагчы Вользе Севярынец і яе сыну, калі ласка, завітайце у інтэрнэт-краму Kroplia.by і што-небудзь набудзьце там. 


- Раскажыце, калі ласка, аб вашым жыцці зараз. Што займае больш за ўсё часу? Пра што мацней за ўсё перажываеце?


- Наша жыццё выглядае зараз вельмі па-рознаму, але яно працягваецца, праўда, без Паўла быццам замірае. Мы з Францішкам чакаем мужа і тату. Я займаюся нашай інтэрнэт-крамай, працягваю Паўлавы справы, займаюся яго кнігамі, стараюся рабіць усё, што ад мяне залежыць. Хачу таксама, каб для Францішка гэты час чакання не быў азмрочаны і сумны, гэта яго дзяцінства, яго першыя гады жыцця, хачу, каб ён быў шчаслівы нават сярод жаху, які адбываецца.

Мацней за ўсё перажываю за Паўла. Зараз яго перавезлі з Валадаркі ў Магілёўскую турму і калі тут ён быў адносна блізка, я магла яму занесці перадачу, падыйсці да муроў памаліцца, то Магілёў за 200 кіламетраў, там новае месца, новыя людзі, новыя ўмовы і правілы. Я вельмі шкадую свайго мужа, баюся за яго здароўе, ён амаль усё лета правёў у карцары, ён застудзіў суставы, кажа, што яму баліць галава. Думаць, як ён там і не ведаць, не мець магчымасці яму дапамагчы, быць побач, гэта самае цяжкае, тое, што разрывае сэрца.
 
- Ці памятае Францішак бацьку і што кажаце яму пра Паўла?

- Памятае, вядома. Тата знік з яго жыцця фізічна, але духоўна мы ўвесь час разам. Я шмат распавядаю Францішку пра тату, мы разам за яго молімся, разам пішам яму лісты, збіраем і носім перадачы, шмат размаўляем аб тым, як нам будзе добра, калі тата вернецца, чым мы будзем разам займацца. Я часта кажу сыночку, што тата яго вельмі любіць і вельмі сумуе па ім, што ён не вінаваты, што зараз не можа быць з намі. Паша таксама часта дасылае Францішку лісты, малюе малюнкі і размалёўкі для яго. Мне цяжка глядзець, як сын расце без таты, але я веру, што гэты час мы зможам навярстаць.
 
- Напэўна, Павел дадаткова перажывае з-за таго, што не бачыць сына?

- Канечне, зараз яму цяжэй, бо ён разумее – разам з ім суткі і месяцы матаем і мы, яго сям’я, гэта наша супольная ахвяра. Ён кажа, што моліцца, каб гэты час адсутнасці не адбіўся моцна на Францішку. Насамрэч, калі пачаць засяроджвацца на тым, як шмат Павел не пабачыў з жыцця Францішка – яго першых словаў, першых разважанняў, прапусціў яго трэці дзень нараджэння, то становіцца вельмі балюча і цяжка. Але мы стараемся засяроджвацца на тым, што маем, мы ёсць адзін у аднаго, а гэта ўжо вялікая радасць.
 
- Павел Севярынец быў арыштаваны адным з першых – у чэрвені мінулага года. Чаму рэжым Лукашэнкі палічыў яго настолькі небяспечным?

- Рэжым Лукашэнкі лічыць небяспечным кожнага думаючага чалавека. Павел – смелы і разумны лідар, які ўплывае на грамадства і не баіцца казаць праўду. Канечне, больш бяспечна было яго затрымаць, Паўлу тры разы дадавалі чарговыя 15 сутак, абы толькі ён не выйшаў да выбараў, але і пасля сканчэння сутак яго не выпусцілі, а павесілі крымінальную справу.
 
- У чым менавіта Паўла зараз абвінавачваюць? Ці ёсць інфармацыя, калі будзе суд?

- Паўла абвінавачваюць па артыкуле 293, частка 2 – удзел у масавых беспарадках. У "Савецкай Беларусі" не так даўно выйшаў артыкул пад назвай "Мэта – Плошча", там у падрабязнасцях апісана справа групы, у складзе якой будуць судзіць Паўла. Прычым, артыкул выйшаў перш, чым распачалі саму справу. Пакуль інфармацыі пра суд няма, але па працэсуальных працэдурах ён павінен пачацца не пазней за дваццатыя дні траўня.
 
- Што вядома пра ўмовы ўтрымання пад вартай? Ці ёсць магчымасць спатканняў, ці даходзяць лісты да Паўла і ад яго? Ці бачылі вы наогул Паўла з мінулага чэрвеня?

- Мы з Пашам не бачыліся ўжывую з 7-га чэрвеня ні разу, толькі пару разоў яшчэ летась бачыла яго на судах праз скайп, альбо чула яго голас. Такім як мы спатканні не паложаны – мы ў вачах сістэмы ворагі народа. Ведаю, што некаторым іншым спатканні дазваляюць, але нам не. Лісты на Валадарку даходзілі, я атрымала ад Паўла ўсе 90, што ён напісаў, апроч аднаго, мае лісты таксама з большага даходзілі. Пра ўмовы, у якіх Павел знаходзіцца на новым месцы ў Магілёўскай турме, мы пакуль нічога ня ведаем, яго перавезлі туды пару дзён таму.
 
- Ці дзеліцца Павел думкамі аб тым, што адбываецца ў краіне, і калі так, якое яго меркаванне?

- Дзеліцца, наколькі гэта магчыма ў лістах, якія праходзяць цэнзуру. Паша спадзяецца на лепшае, але рыхтуецца да горшага. Пашынай "палітычнай кар’еры" у мінулым годзе было 25 год, ён бачыў многае, многае прайшоў. Зараз ён кажа, што Беларусь прачнулася не для таго, каб зноў заснуць. Проста мы як народ яшчэ не да канца зрабілі працу над сабой і зараз ідуць глыбінныя працэсы, якія проста не могуць адбыцца хутка – вяртанне да сваёй гісторыі, мовы, веры, асэнсаванне сябе як нацыі, асэнсаванне свайго шляху, асэнсаванне сябе. Гэты шлях спалучаны з болем і пакутамі, але яго трэба прайсці.
 
- Які ў яго зараз настрой, ці не згубіў надзею, ці верыць у лепшую Беларусь?

- Мой Павел настолькі моцны, што ў мяне захоплівае дух. Я ведала, што ён моцны, але не ведала, што настолькі. Будучы амаль год за кратамі, лета правёўшы ў жудасных умовах у карцары, ён падбадзёрвае і натхняе людзей на волі. У ім я ўпэўнена на сто працэнтаў, ён той, хто не згубіць надзею ніколі. Ён шчыра верыць у лепшую Беларусь. Ён пачаў свой шлях для Беларусі больш 26 год таму і за гэты час ён не зняверыўся, не апусціў рукі, ня стаў чэрствым ці абыякавым. Ён сапраўды любіць гэтую краіну і жыве так, быццам новая Беларусь ужо наступіла – не баіцца і робіць, што можа і што мусіць.
 
- З-за супрацьстаяння рэжыму Лукашэнкі Павел значную частку жыцця правёў у турме. Вы ніколі не крыўдзіліся на мужа за гэта, магчыма, хацелі б жыць звычайным жыццём, проста гадаваць дзіця?

- Не, я ніколі на яго за гэта не крыўдзілася. Я ведала за каго выходзіла замуж, з часам я зразумела і прыняла шлях, які Павел выбраў. Я ведаю, што ён з яго не сыдзе, пакуль не дасягне мэты. Адзінае, што я магу – падтрымліваць яго і дапамагаць яму. А пасля таго, што ён прайшоў дзеля Беларусі і беларускага народа, я заўсёды буду шанаваць яго выбар.
 
- Што найбольш здзівіла вас за час, які прайшоў з затрымання Паўла: зверствы сілавікоў, гераізм беларусаў, нешта іншае?

- Здзівіла ахвярнасць і смеласць беларусаў, тое, якім прыгожым становіцца наш народ, калі даць яму свабоду, здзівіла настойлівасць людзей, якія выходзілі і выходзяць да гэтага часу. Здзівіла і натхніла тое, як нашы героі трымаюцца за кратамі, якія яны моцныя і светлыя. Вельмі натхніла таксама пазіцыя Касцёла, пазіцыя асобных пратэстанцкіх цэркваў, пазіцыя шараговых праваслаўных святароў адносна таго, што адбываецца ў Беларусі.

У негатыўным плане кранула тое, што катаваннямі і беззаконнем часцей за ўсё займаюцца шараговыя звычайныя людзі, яны мучаюць людзей па ізалятарах і турмах месяц за месяцам і знаходзяць апраўданне сваім дзеянням. А цяпер мяне найбольш здзіўляе тое, што мы нічога не можам з гэтым зрабіць ужо амаль год.
 
- Як думаеце, навошта Беларусі быў пасланы Лукашэнка? Магчыма, ёсць нейкія версіі з бібліі?
 
- Наш народ сам спарадзіў Лукашэнку, даў яму разрасціся да маштабаў краіны. Мы зрабілі гэта сваім маўчаннем, калі трэба было крычаць, сваёй абыякавасцю, калі катавалі і зневажалі першых, тым, што не асэнсавалі памылкі камуністычнага мінулага, нашы вуліцы дагэтуль носяць імёны катаў, мы забыліся пра Курапаты і атрымалі Акрэсціна. Усё гэта прывяло да таго, што зараз мы мусім змагацца з д’ябальскай сістэмай, якая будавалася гадамі.
 
- Калі Беларусь будзе вольнай?
 
- Калі беларускі народ усвядоміць сябе вялікім адзінствам, адказным за сваю зямлю, пачне гаварыць па-беларуску, пакаецца ў грахах мінулага і зробіць працу над памылкамі, у большасці сваёй паверыць у Бога. Вось тады Беларусь будзе сапраўды вольнай. І мы ўжо ідзем па гэтым шляху, ён цяжкі, але мы мусім яго прайсці. А пасля такому народу ўжо нічога не будзе страшна, бо мы будзем гатовыя абараніць сябе і свае каштоўнасці.
 
- Што зробіце найперш, калі ваш муж выйдзе на волю?

- Я часта ўяўляю гэты момант – я проста хачу абняць яго, зазірнуць у вочы, каб упэўніцца, што ўсё добра, хачу пабачыць, як ён абдымае Францішка.
 
- Як вам можна дапамагчы?

Нам можна дапамагчы малітвай, можна напісаць Паўлу ліст, прыйсці на суд, набыць яго кнігі, можна завітаць у нашу інтэрнэт-краму за падарункамі, мы працуем даволі даўно і ў нас шмат прыгожых сэнсоўных рэчаў.

Калі вы хочаце, каб мы расказалі вашу гісторыю, напішыце нам у сацсетках:
 
Падтрымаць палітвязняў можна ТУТ.
Поддержать Фонд
Как вы хотите помочь:
50 75 100 250 500
Оплата через PayPal на счет фонда
Фонд "Страна для Жизни"
Помогает политзаключенным и их семьям