Беларусь. Вайна на парозе

24 лютага распачалася вайна. Беларусь аказалася адным з удзельнікаў канфлікту, прадаставіўшы Расіі сваю тэрыторыю для нападу на Украіну. Сёння невядома што будзе далей. Эканамічныя і гуманітарныя наступствы для Беларусі, нашых суседзяў і усёй Эўропы непрадказальныя. Мы распыталі некалькіх беларусаў рознага ўзросту, полу і палітычных перакананняў адносна таго, што адбываецца сёння ў Беларусі і чаго нам чакаць далей.​

Андрэй.


"Наконт таго, што адбываецца. Ну, 8 сакавіка на носе. Сёння быў у горадзе – народа не густа. Усё дэпрэсіўна неяк. Пачалі цюльпаны прадаваць. Каб нейкія чэргі я не заўважыў. У людзей не надта з грашыма напэўна.  Быў у ламбардзе, паліцы завалены тэхнікай.

Наконт з'ехаць думкі наведваюць, вядома. Грэе думка, што ў мяне там ёсць родныя. Але пакуль хвалююся за маму.  Трэба будзе ёй цяпліцу зрабіць, а то за зіму развалілася. Калі зачыняць мяжу - невядома. Калі трэба, будзем паўзці на пузе. Думаю, Індыя, Турцыя і Грузія яшчэ нашы вокны пакуль. Войны ніхто не жадае але, усе баяцца за свае сем'і, родных і блізкіх.

Ішоў вечарам з працы - каля вакзала стаяў натоўп "касманаўтаў". Думаў, каго то вінцяць і зараз вагаюцца да чырвонай курткі, а ачапілі вакзал - кшталту там бомба. МНС машын і хуткую прыгналі. Можа нагнятаюць, а можа, хто і патэлефанаваў.

Чаго чакаем?  Што будзе горш, чаго ж яшчэ..."

Сняжана.

"Я не за белых, не за чырвоных, хачу, каб хутчэй усё гэта скончылася".

Іван.

"Нейкага наплыву пакупнікоў не заўважаў. У гэтым сэнсе ўсё больш меньш як у звычайныя часы. Але ж у банках значна павялічылася колькасць людзей. Адчуванне напружанасці ў паветры прысутнічае і даволі сур’ёзнае.

Не вельмі хочацца пакідаць адну маці. Як раз зараз займаюся пераездам са сталіцы ў родны горад праз складаныя эканамічныя абставіны. Магчыма, праз пэўны час паспрабую з’ехаць з краіны, але ж пакуль прыняў рашэнне быць побач з родным чалавекам. 

Спадзявацца, што закрыцця мяжы не будзе - гэта як верыць у тое, што лукашэнка пакіне ўладу самастойна. Тое, што закрыюць няма сумнёваў. Яна і зараз напалову ў такім стане. Але заўсёды можна найсці выйсце. Праз лясы прабірацца ў цывілізацыю - такі варыянт заўсёды ёсць. Тым больш што ўсё ідзе да таго, што сілавікі хутка будуць уцягнуты ў ваенны канфлікт. У такім разе сілаў на межы можа і не хапіць. Спадзяюся на гэта і яшчэ больш спадзяюся, што разумных людзей значна больш і яны знойдуць моц, каб пазбегнуць удзелу ў вайне ці перойдуць на бок Украіны. 

Вайна на тэрыторыі Беларусі, здаецца, можа адбыцца толькі ў адным выпадку: калі на Беларусь нападзе той, хто зараз нападае на Ўкраіну. Але ж нашыя вайскоўцы не вельмі сябруюць са зброяй. Бо знаёмыя хлопцы, якія прайшлі праз войска, казалі ў асноўным, як у іх не атрымалася трапіць на палігон, як усё дрэнна працуе, а не якая добрая у нас тэхніка і што мы зможам абараніць краіну.

Ці можна супрацьстаяць усяму гэтаму? Складанае пытанне, бо ў насельніцтва няма зброі. Мірныя пратэсты не працуюць. Большасць актыўных з’ехала. Няма ўпэуненасці, што нашыя людзі выйдуць натоўпам, каб астанавіць танкі, як гэта адбываецца ў нашых Суседзяў. Але ж з другога боку, яны бароняць свае дамы толькі ад захопнікаў. Беларусам жа прыйдзецца супрацьстаяць і грамадзянам белоруссіі, якія і так трымаюць краіну ў страхе са жніўня 2020-га. Хіба толькі партызаніць ды спадзявацца на сумленнасць некаторых з беларускага войска.

Калі пуцін ды лукашэнка застануцца на сваіх “тронах” - тут будзе вельмі дрэнна. Здаецца, прыйдзецца зайздросціць краінам Афрыкі. Прычым тым, якім ніхто і ніколі не зайздросціў. Але ж калі дабро пераможа - будзе шанец на адлучэнне ад расеі. Бо гэта трэба рабіць было яшчэ пасля развалу ссср. Гэтая наша залежнасць прывяла да таго, што мы маем сёння".

Марына.

"У нас усё спакойна. У крамах усяго дастаткова. Усе жывуць звычайным жыццём".

Пётр.

"Усё спакойна. Панікі няма. Усё пакрышачку даражэе, але прадукты яшчэ ёсць. Але не ведаю, што будзе далей. Даляр вось скача. Па телевізару супакойваюць, што ўсяго хапае. Але гэта таксама засцеражальны сігнал, калі такое паказваюць. 

Думаю, Беларусь не будзе ўводзіць войскі ва Украіну. Але агрэсія ідзе - бо і страляюць з нашага боку, і войскі расейскія ідуць. 

Наперадзе чакае яшчэ большае сяброўства з Масквой. Мы ж ёй прадаліся з патрахамі. Усе гэтыя карты дарожныя падпісалі. А ў Расеі ж дайшлі да таго, што закрываюць усе незалежныя СМІ".

Таццяна.

"Ажыятажу няма, прадукты ёсць, але нашмат меншы выбар, чэргаў у крамах няма. З'яжджаць не плануем бо спадзяемся, што вайны не будзе. Чаго чакаць у будучыні не ведаю, магу толькі выказаць здагадку што розум вернецца ў галовы і будзе мір. Вельмі хацелася, каб мае дзеці і ўнукі пажылі ў міры і згодзе".
Поддержать Фонд
Как вы хотите помочь:
50 75 100 250 500
Оплата через PayPal на счет фонда