Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз: «Цешуся, што справа Сяргея Ціханоўскага жыве.»

Belsat.eu паразмаўляў з Марыяй Мароз пра год без Сяргея Ціханоўскага, перспектывы фонду і тое, як не перагарэць.

Аб працы фонду

На момант нашага пераезду ў жніўні па ўсёй Беларусі з «Краінаю для Жыцця» супрацоўнічалі каля дзесяці тысяч актывістаў. Мёры, Паставы, Шаркаўшчына – людзі актывізаваліся амаль усюды, дзе пабываў Сяргей Ціханоўскі.

Але праз гвалт і пераслед шмат людзей спыніла свой удзел у жыцці фонду, некаторыя з’ехалі, шмат хто за кратамі. Добра, калі цяпер мы маем каля тысячы валанцёраў і актывістаў. Але гэта недакладная лічба.

Асноўная частка нашай працы – дапамога прадуктовымі перадачамі сем’ям палітзняволеных. Таксама мы ствараем газету «Реальные новости», у якой асноўны ўпор робім на рэгіёны. Важна, каб навіны пра рэальныя падзеі ў Беларусі былі даступныя нават жыхару самай маленькай вёскі.

У красавіку мы адправілі перадачаў агульнаю вагою 2,5 тоны. Пры гэтым працавалі 77 валанцёраў. Сабраць і адправіць перадачу для зняволенага – не крымінальная справа, таму ўсё патрэбнае дапамагаюць збіраць неабыякавыя людзі, якія адгукаюцца на нашыя паведамленні ў сацыяльных сетках. Мы ўжо амаль наладзілі працу сеткі валанцёраў-кіроўцаў, якія будуць дапамагаць сваякам даехаць да месца зняволення і перадаць перадачу.

Таксама мы фінансава падтрымліваем сем’і вязняў, у якіх ёсць дзеці: штомесяц яны атрымліваюць па 300 еўраў. Такую ж суму, але аднаразова, атрымлівае і сям’я без дзяцей. Гэта грошы з данатаў фонду. 

Цяжка спрагназаваць, як нашая праца будзе выглядаць праз некалькі месяцаў. Рэальнасць, у якой мы існуем, у галаве не ўкладваецца. Мы ўжо абмяркоўвалі з юрыстамі і адвакатамі фармулёўкі, якія з’яўляліся ў пастановах і дакументах, маўляў, валанцёр, які носіць перадачы, заахвочвае чалавека ў зняволенні. Гэта ж абсурд, і мы разумеем, што ўлады Беларусі прыдумаюць што заўгодна, каб дасягнуць мэты.

Пра выгаранне

Вядома, што нам хочацца з кожным пагаварыць, кожнага выслухаць, дапамагчы і забраць кавалак болю. Але пасля такіх размоваў бывае амаль немагчыма сабрацца. Трэба ўмець гэта прызнаць і звярнуцца па дапамогу. У фондзе ёсць свой валанцёр-псіхолаг, шмат спецыялізаванай дапамогі ідзе ад адмыслоўцаў з беларускіх дыяспараў.

Я сама нейкі час была першым кантактам для сваякоў. І шчыра: у нейкі момант здалося, што трачу розум. Здараюцца вельмі цяжкія сітуацыі, а дапамагчы кожнаму часам проста немагчыма. Патрэбная рада спецыяліста. 

На жаль, сваякі палітычных вязняў не заўсёды згодныя на размову. Часам мы сустракаемся не проста з адмовай, а з барʼерам. Чалавек так моцна зачыняецца ў сабе, а перажыванні пачынаюць адбівацца на здароўі.

Пра школу самакіравання

У 2020 годзе ў беларусаў з’явіўся запыт на навучанне і ўдасканаленне сваіх ведаў пра палітычнае жыццё. І каб гэты запал не знік, мы запусцілі школу мясцовага самакіравання і лідарства. Цяпер плануем перайсці на онлайн-фармат сустрэчаў, які можа зацікавіць большае кола людзей.

Задача праграмы – даць інструментар і растлумачыць асноўныя паняцці сістэмы самакіравання. Што такое КТГС (камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання), як даведацца, ці ён ужо існуе на вашай тэрыторыі, які дом туды ўваходзіць, якая дакументацыя патрэбная для ўступлення, хто яго старшыня і як падрыхтавацца да пераабрання старшыні.

Таксама плануем праграму для павышэння палітычнай свядомасці. Што такое палітычныя партыі, якія ў іх функцыі, чым правацэнтрысты адрозніваюцца ад левацэнтрыстаў? Падчас працы мы неаднойчы сутыкнуліся з тым, што людзі не разумеюць нават панятку «парламенцкая рэспубліка». Вобразна яшчэ неяк зразумела, але як гэта ў жыцці працуе? А ў сістэме прававога дэфолту? Так адбываецца, бо ў нас не працуюць палітычныя інстытуты.

Каб тлумачыць такія рэчы, мы запусцілі канал «Знания для жизни». Трэба выкарыстаць факт, што мы жывём у краіне, дзе можна сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовых органаў самакіравання і на канкрэтных прыкладах паказаць, як функцыянуе самакіраванне. Часам нават мы здзіўляліся, калі разумелі, што самакіраванне рэальна працуе! А каб Беларусь змянілася, людзі павінны мець матывацыю.

Пра год без Сяргея Ціханоўскага

Памятаю, як 29 траўня 2020 года пасля цэлага дня на Камароўцы я вяртаюся дадому, а муж кажа, што Сяргея затрымалі. Я села ў кухні і зарыдала. Мой свет перакуліўся. Было ясна: яго наўрад ці выпусцяць. А як мы будзем працаваць? Сяргей жа падняў усю Беларусь! Асабіста мне не стае энергетычнага зараду ад яго.

Наш фонд – гэта магчымасць працягваць справу Ціханоўскага, падтрымліваць людзей і не знікаць з інфармацыйнага поля. Мы маглі б абвесціць пра стварэнне партыі паводле прынцыпу «Разам». Але навошта абвяшчаць стварэнне партыі, калі наш лідар сядзіць?

Калі ён выйдзе і пастановіць, што Беларусі патрэбная партыя «Краіна для Жыцця», – мы абʼяднаемся і падключымся. Але партыя без лідара і легальнага заканадаўства – гэта бессэнсоўна. Фонд мае выразную структуру і канкрэтныя справы. Магчыма, тое, што я раблю як кіраўнік, не ідэальна, а Сяргей відавочна зарганізаваў бы мацнейшы і больш эфектыўны працэс. Але раблю ўсё магчымае і цешуся, што справа Сяргея Ціханоўскага жыве.

Вядома, досвед працы ў бізнесе мне ў гэтым дапамагае. У Беларусі са мною працавалі 17 чалавек. Прыкладна столькі ж цяпер актыўна ўлучаныя ў працу фонду ў Вільні. У нас няма выразнага размеркавання «начальнік – падначалены», нашая структура гарызантальная, у кожнага ёсць права голасу, мы раімся і вырашаем пытанні разам.

«Краіна для Жыцця» – гэта амаль усе тыя, хто збіраў подпісы за Сяргея. Людзі, якія з першага дня «ўпісаліся» і не кінулі справы нават у эміграцыі. Першыя месяцы было цяжка, гэта цяпер нас як каманду падтрымлівае інстытуцыянальны фонд. Падкрэслю: на нас і арэнду офісу ні капейчыны не ідзе з данатаў, якія мы збіраем для падтрымкі палітзняволеных, іхных сем’яў ды актывістаў. Да траўня мы таксама падтрымлівалі два прытулкі для ўцекачоў у Польшчы і Літве.

Але актывісты ў Беластоку зарганізавалі свой фонд, які ўласна працягне падтрымліваць прытулак, а ў Варшаве фонд «Humanosh» адкрыў Мірны дом. Калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, мы, на жаль, будзем змушаныя да аддаленай працы. Калі ж удасца вярнуцца дадому, фонд можа падтрымліваць рэгіёны і тым самым развіваць бачанне Сяргея пра развіццё мясцовых ініцыятываў.

У рэгіёнах сапраўды вельмі шмат «дзірак». У мястэчках няма ні добрых дзіцячых пляцовак, ні спартовых комплексаў. Мы хочам навучыць людзей не толькі прасіць грошай на рэалізацыю такіх праектаў, але і пісаць праекты, знаходзіць частку фінансавання. Напрыклад, нейкі двор хоча пабудаваць дзіцячую пляцоўку: піша праект, збірае палову сумы і звяртаецца да нас па дапамогу з дафінансаваннем. Калі кожны дасць на агульную справу хаця б рубель, будзе пашана і да месца, і справы.

Дапамагчы працы Фонду можна ТУТ.
Поддержать Фонд
Как вы хотите помочь:
50 75 100 250 500
Оплата через PayPal на счет фонда